Ткачев Николай - Жарынка (На Белорусском Языке)
Мiкола Ткачоў
Жарынка
Я ўжо добра насноўдаўся мiж людзей па пiнскiм рынку, як раптам
заўважыў, што за мной з нейкага часу цiкуе чарнявы, падобны на цыгана
чалавек. Каб не адпалохаць яго, каб разгадаць, што яму трэба ад мяне, я,
бокам пасоўваючыся далей паўз даўжэзны гандлёвы стол, пачаў у сваю чаргу
патаемна цiкаваць за iм. Раз мiмаходзь глянуў - панiзе, другi, трэцi,
падбiраючыся асцярожнымi позiркамi ад яго ног да галавы.
Мой спадарожнiк быў у хромавых ботах, запыленых, падношаных.
Гармонiкам халявы. Стараватыя чорныя штаны з напускам i з невялiкiм
лапiчкам на адным з каленяў. Пiнжак - такога ж колеру, як i штаны, - яшчэ
быў нiшто сабе, нават нiбыта адпрасаваны, але ён абвiсаў на кашчавых плячах
i таму, дарма, што спадыспаду падпiраўся камiзэлькай i мультавай кашуляй,
не вельмi як хвацка адыгрываў сваю вонкавую ролю. У левай руцэ мужчына
трымаў абгорнутыя абрыўкам газецiны некалькi вузенькiх пiлак, яшчэ з
салiдолам, - вiдаць, толькi што купленыя ў магазiне.
Хто ён такi? Можа якi даўнi, забыты мною знаёмы? Бачыць, што я не
пазнаю яго, i бянтэжыцца - зачапiць цi не зачапiць мяне? Ды можа яшчэ i сам
не ўпэўнены: пазнае i не пазнае, словам, як бы ўдакладняе, прыглядаючыся. А
можа ён з тых, з кiм сустракаўся, мажлiва, нават гутарыў калi-небудзь па
лiтаратурных справах? Можа якi аматар мастацкага слова цi пачынаючы аўтар?
Сярод жа iх ёсць надта цiкаўныя людзi - ведаю, сам некалi пасля
лiтаратурнага iнстытуцкага вечара з гадзiну цягаўся назiркам за адным
паэтам. Але дзе, пры якiх абставiнах у мяне магла быць сустрэча з гэтым
чалавекам? У Пiнску я ўпершыню, усяго два днi, як жыву тут. Нi ў якiх
вечарах i сустрэчах не ўдзельнiчаў, i не прадбачацца яны. Маючы колькi дзён
вольнага часу, я прыехаў сюды цiшком, сам па сабе, без усякiх службовых
спраў. Надакучылi некаторыя тлумныя справы ў Менску, захацелася падыхаць
глыбiннымi прасторамi, паназiраць, як гойдаецца воддаль ад сталiцы жыццёвае
мора, - вось i махнуў сюды, у гэты нязведаны мной, знакамiты самабытнасцю
куточак. Усё тут для мяне цiкава, прывабна. I я гадзiнамi нястомна хаджу па
горадзе, знаёмлюся з яго даўнiнай i навiнкамi, блукаю мiж людзей, слухаючы
iх гаману, - набiраюся ўражанняў, адпачываю, думаю. Нiкога, нi адну асобу i
ўстанову, я не патурбаваў сваiм прыездам. Калi хто i ведае сёе-тое пра
мяне, дык гэта адна рэгiстратура гасцiнiцы. Так. I таму дзiўна, што
знайшоўся чалавек, якi нешта да мяне мае. Хто ж ён, гэты чалавек?
Ля скрынi сакоўных рагулiстых груш, за якой свяцiўся малiнавы тварык
маладзiцы, я прыпынiўся, паставiў сваю сетку з пакупкамi на столiк.
- Што гэта за гатунак вашых дзiвосаў, як называюцца? - паказаў я на
грушы.
Маладзiца ветлiва ўсмiхнулася i ўзнялася з лаўкi.
- Добры гатунак, дзядзячко, гета мой чалавек сам вывеў, - зазвiнеў яе
тонкi каларытны голас. - Назвы як бы й няма, жартам у нашым сэле iх
празвалi проста валяр'янкамi.
- Чаму жартам? - не зразумеў я. - I чаму валяр'янкамi?
Маладзiца сарамлiва апусцiла вочы.
- Мой чалавек - Валяр'ян, ось i прыклалi людзi.
- Што ж, добра прыклалi. Валяр'янкi! I, мусiць, яны нiшто сабе?
- Дабрэнныя, смачненныя, дзядзячко. Пакаштуйце, коб ведалi. Увесь
рынак абыдзеце - лепшых дулек не знайсцi.
- Ну, так ужо i не знайсцi, - запярэчыў я i, вяртаючыся да думкi пра
незнаёмага спадарожнiка, якi недзе стаяў за маёй спiнай, прамовiў як
найгучней: - Не, сёння на рынку выбар самы багаты - вунь колькi ўсяго
навалена!
Упэўнены, што мае словы, сказаныя маладзiцы, дайшлi i да болей важнаг